Мінае ноч, мінае дзень,
За імі – тыдзень, месяц, год…
Ізноўку восень – вечны цень –
Тугу шчымлівую адродзіць.
Там, за вакном, шарэее свет,
І ліставей самоціць сцежкі,
Блукае ў скрусе Бог-паэт
Па счырванелых рыфмах вершаў…
Удвух з кастрычнікам віно
Прыгубім ледзь, настой журботы.
Распавядзе мне, як даўно
Зжаўцелы лёс мой крочыць бокам.
Яшчэ глыток – напой з вятроў,
Смак адмысловы, успамінны…
З душы віецца боль як кроў,
Ад пахаў памяці язмінных…
Адбыме восень твой прасцяг,
Твае імкненні залюляе –
Міне і гэта. Дзень няўзнак
З паэтам скрушным памірае…