Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мінская элегія

Сярэдняя: 5 (12 галасоў)

О, Свіслач – вэлюмная стужка
Паміж адвечным і жыццём!
Спявае калыханку птушка
Табе, самотніцы, на вушка,
Як маці над грудным дзіцём.

Пушыстым шлякам бераг нізкі
Прыпаў да плыні, што карніз,
Які нітуе вёсак нізкі,
I, нібы талер на маністы,
Нанізаны на рэчку Мінск.

Цалуе ўцішаная хваля
Крайком губы краёк зямлі,
Дзе, роўна клавішы раяля,
Ступені з больверка збягалі
Ў раку ды збегчы не маглі;

Дзе з кожным абаротам млёна
Сумётамі Мянескаў млын
На Востраў Слёз цярушыў плённа
I жах салёнага праклёну,
I пыл – гаркавы, як палын.

Той пыл вірліў ліхой віхурай
У праляцелы час, калі
Ўсяслава конь з калянай скурай
Скакаў каля Нямігі хмурай
Па каляіне на раллі;

Калі нутром зямной юдолі
Тут быў задушлівы сухмень;
Калі ў далоні цяжкай долі
З чырвонай фарбай чорны колер
Мяшалі попел і агмень;

Калі з усіх бакоў планеты
Па ўхабах гліністых дарог
Маршыравалі масагеты
Ў мажным страі, і поступ гэты
Гваздаў у глебу хіжы крок.

Але насустрач маршаў марных,
Апанаваных куражом,
Сыходзіла ад шат надхмарных
На герб блакітны Дзева Мар’я
З усёдаруючым крыжом.

Ад немаўляці да старога,
Ратуючы прытулак свой,
Iшла сябрына ад парога
Пад засенню святога Роха,
Пад Свята-Духаўскай царквой.

Касцёл Алены і Сымона
Ўздымаў гранёнае кап’ё,
Барвянае, што анемона, –
I плазам падала мамона
На заімшэлае куп’ё,

На волкія камлыгі гліны.
Пад урачысты звон імшы
З надхмар’я клёкат жураўліны
Пеў старадаўнія быліны
Пра веліч мінскае душы.

Цячы, рака, цячы нястрымна
Па крутабокім шары ўніз,
Як ільняная палярына
З укленчанага пілігрыма,
Што шчыра моліцца на Мінск!