Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мір, аблокі мае...

Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

Мір, аблокі мае,
Дзеці вечных лятункаў,
Мір вам, белыя птушкі
Надзей.
Я прашу ў вас, аблокі,
Малю паратунку,
Як у зёлак бабуля
Ад нядобрых людзей.

Мір вам — сёння і заўтра,
Залётныя госці,
Да нябёс узнімайце
За паглядам пагляд.

Хто вітаецца з вамі,
Той не ведае злосці,
Хто глядзіць вам услед,
Той не выспеліць звад.

He грызуць таму сэрца
Нi зайздрасць, ні хцівасць...
Слава мудрай бязмежнасці
I цішыні!..
Памагай нам, бяскрылым,
Палёт зіхатлівы,
Сэнс высокі адкрыць
У зямной глыбіні.

Я не самнамбуліст,
На карніз крутабокі
Ноччу месячнай
Мне не карціць —
Я іду па зямлі,
Хворы вамі, аблокі,
З вамі, з вамі
Душа ляціць.

Хай на ростанях часу
Зябка снежыцца студзень —
Крылы ў травень нясуць
Праз начэй каламуць.
Адцвітаюць на яблынях пчолы,
А ў грудзі
Аблачынкі, як светлыя вёсны,
Плывуць.

I раблю я, напэўна,
Вельмі смешныя рэчы
(Ледзь не ў ступе
Таўку ваду!):
Я з наіўнасцю
Думы
На шляху чалавечым
У выбоіны моўчкі кладу.

— Вам не дрогка? — пытаю. —
Параўнела дарога?
Хай на шчасце яна —
Як сувой...
Ну а мне гэта ўсё
Каштавала не многа:
Аблачынка маленства
Над галавой.