Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Міска грэчкі і кубак кісялю

Сярэдняя: 3.7 (6 галасоў)

Міска грэчкі і кубак кісялю
Да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
У першыя месяцы сваёй дзейнасці Лідскі камбінат харчовых канцэнтратаў пастаўляў кашы для патрэб часцей 3-га Беларускага фронту. Захаваліся ўспаміны былой работніцы прадпрыемства Соф’і Фёдараўны Купчанка аб тым, як у адным з цэхаў камбіната сустракалі Новы 1945 год.
За вокнамі зіма лютуе.
Па добрым леце паўздыхаўшы,
дзяўчаткі моўчкі, уручную
ўпакоўваюць брыкеты кашы.

Той кашы партыю буйную
адправяць для патрэб часцей.
У цэху чысціня пануе.
Халацікі – за снег чысцей.

Не спыніцца работы ход.
Працуюць жвава ды заўзята…
“Дзяўчаткі, скора Новы год!
Давайце святкаваць, дзяўчаты!”

Яны бяруць па місцы грэчкі,
бяруць па кубку кісялю.
Пакінулі хвіліны-рэшткі
44-га Зямлю.

На цэхавым стаіць парозе
Год 45-ы, юны, мажны.
Рассаджваюцца на падлозе
адна каля адной. Як смачна!

Дзяўчаткі, сеўшы на падлогу,
ядуць з вялізным апетытам,
за хуткую п’юць Перамогу
над злом – фашыстам і бандытам.

Яны за мірнае п’юць неба,
яны за светлае п’юць заўтра,
за тое, каб над процьмай хлеба
спявала птушка, сонца ззяла.

Адна другую віншавалі,
і плакалі, і абдымалі,
і кашку грэцкую жавалі,
і кубкі кісялю ўздымалі…

Еш грэчку, конаўку ўзнімай
ды сустракай Год 45-ы,
які вядзе чаканы Май,
фашызм растоптвае пракляты!..