мне заўжды падабаўся адзін паэтычны
вобраз –
вобраз дзіцяці.
бадай што лепшым вершам лепшым вядомым
мне вершам
я назваў бы верш Ўолта Ўітмэна: уявіце
сабе
кожнай раніцай
дзіця выходзіць на шпацыр
і ўсе што яму трапляецца па дарозе
трава, герань ці канюшына
жывела, чалавек ці дрэва
усё становіцца яго часткай, усё
што ён бачыць і чуе
становіцца яго часткай
увесь сьвет
становіцца ім.
тры гады назад я напісаў рэмінісцэнцыю
на гэты твор, толькі ў адрозненьне
ад славутага песьняра дэмакратыі
маё дзіцятка мела нейкі
занядбалы
чэзлы
напаўзвар’яцелы выгляд
мажліва, ужо тады я здагадваўся
што некалі прыду
(занядбалы
чэзлы
напаўзвар’яцелы)
НА ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ
МЕРТВАГА ВЕРША.