З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор'яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
і з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Няма на зямлі таго шчасця і гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такіх нетраў, глыбокага мора
і гор, праз якія б ты не правяла
Мяне на радзіму, туды, дзе сягоння
Стаіць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было і што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваім
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калі ж ападзе і развеецца дым
і нівы васкросшыя закаласяцца, –
ізноў прашуміш ты вясновым дажджом,
ізноў зазвініш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сарэбраны гром
і вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.