"Хадзем".
Я азіраюся. Не пазнаю твару.
За агароджаю саду стаіць дзяўчына,
Плямінкі сонца мігцяць на яе абліччы.
Цёпла бруіцца паветра паўсоннай мары,
Голас знаёмы ціхутка, ласкава кліча.
На яе пазіраю,
Вырваная з хваляванняў.
Не магу прыгадаць, хто яна
і як у мой сон прыкрочыла.
Раптам
Яна ўсміхаецца -
Так лагодна і шчыра,
Гэткім дзівосным святлом бліскацеюць вочы
(У рэчаіснасці быць немагчыма такога ззяння),
Што становіцца ўсё зразумела.
І чамусьці хочацца плакаць
З пачуцця дабрыні -
Неабсяжнай, нічым не змеранай...
Я зрываюся з месца,
Бягу да яе
Смела,
Абдымаю сяброўку - найдаражэйшую ў свеце.
Забываю, што гэта дрымота, смяюся,
Веру...
А яна паўтарае:
"Хадзем са мной".
І мы разам бяжым па звінючых, даўгіх прысадах,
Там, дзе дрэвы стаяць па горла ў празрыстым ліпені,
А сцяжынкі сплятаюцца радасна і шматпесенна.
"Хадзем са мной..."
Па-над намі трымціць паўнаводны блакіт неба.
Падаецца, нібыта павольныя хвалі кіпеня
Працякаюць па ім
бязважка і ціхаплынна.
Адпускаю ў яго манетку,
Што на дне разгараецца чыстым, яскравым золатам,
Каб наступнае ноччу вярнулася зноў дзяўчына.
Мне нарэшце так лёгка,
Як, напэўна, тады,
Калі я яшчэ на гэту зямлю не сыходзіла.
І вакол распускаюцца самыя сінія кветкі -
Сто незабудак
Колеру летніх змрокаў.
Дзякуй, мая сяброўка.
Дзякуй табе
За шчасце.
Хоць ты ўсяго толькі мара
І часам прыходзіш ноччу.
Глядзець бы з табой сузор'і, разам ісці на Поўдзень,
Далёка-далёка крочыць...
Шкада, што іскрыцца раніца.
Не хачу прачынацца сярод адзінокіх сцен
У цёмным пустым пакоі.
І я прашу цябе. Нават калі ты
Мроя,
Не пакідай мяне!
Не сыходзь!
Клічу цябе:
"Хадзем".