(Л. Дранько-Майсюк)
Калі чужое робіцца сваім,
Ты мне заграй, заграй на акарыне,
Бо я, сваячка вешчага Скарыны,
Жыву далёка ад сваёй зямлі.
Я палячу на поўнач. Зарапад –
Заручнік хрызантэмавых мелодзій.
Заграй на акарыне, любы брат,
І можа сэрца хрызантэму ўродзіць.
Лячу да Полацка, ён мой Ерусалім
І адчуваю: кветка прарастае.
Тады чужое робіцца сваім.
Іграе акарына. Сьпіць Палтава.