Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мы — розныя...

Сярэдняя: 4.9 (12 галасоў)

Мы — розныя,
Як розныя мясьціны,
Што нас у сьвет шырокі прывялі.
У кожнага ёсьць свой куток адзіны,
Найлепшы,
Найраднейшы на зямлі.

У кожнага свае хмызы і крушні,
Свае лугі, пагоркі і раўкі,
Свой маладзік,
Загадкавы і скрушны,
Свой адзінокі явар ля ракі.

Мы — розныя,
Як розны лёс і досьвед,
З якімі ўсе мы крочым праз гады.
І кожны зьберагае ў сэрцы водсьвет
Сваіх сьвятых заранак маладых.

У кожнага свае шляхі і вёсны,
Свае вышыні,
Бездані свае,
Свае чаўны і ветразі,
І вёслы,
Якія час ужо ў архіў здае.

Мы — розныя.
Ды нас усіх яднае
Спазнаная душою спакваля
Крынічная,
Сунічная,
Лясная,
Пяшчаная бацькоўская зямля,
Радзінны край,
Цярплівы і збалелы,
Гасьцінны,
Як расьсьцелены абрус,
У тысячах навалаў ацалелы
З дабраславёным імем —
Беларусь.