Мы чакалі палякаў-братоў
Ратавацца з няволі маскоўскай
Ды прыйшлі да нас заняпад
І здрада шляхты літоўскай
Кацярына зірнула на нас
Мы чакалі сяброў з усходу
А замест братняй ласкі
Атрымалі прыгон і нязгоду
Вось і гвардыя ў Вільню зайшла
Мы чакалі ласкі з Парыжа
Ні кавалку ўласнай зямлі –
Атрымалі толькі крыжы
Мы чакалі ад кайзера-бацькі
Што падорыць нам-незалежнасць
Ды ў Брэсце вырашылі без нас
І загінуў праменьчык надзеі
Вось і ў Слуцк зазірнуў лістапад
І мы зноў чакалі палякаў
Ды замест балахоўцаў і зброі
Атрымалі змову Антанты
Ад чырвоных чакалі зямлі
А замест атрымалі калгасы
Усіх нязгодных этапам у Сібір
Там усе агеньчыкі згаслі
На дзялянках у паўночных лясах
І між мурамі Амерыканкі
Мы чакалі нямецкіх арлоў,
Як юнак чакае каханку.
Ды каханцы хлапчук не патрэбен –
Скарысталася толькі целам.
Вось і немцы на захад сышлі
Мы чакалі навін з Вашынгтона
Ды загінула Родзькава войска
У чэшскіх лясах і палескіх балотах
І зямлю мы сваю здабылі
Прэзідэнта абралі з народа
Зноў чагосьці чакалі – і раптам
Апынуліся ў аўтазаках
Вось і сонейка хутка загляне
І турэмныя муры пахіснуць
Мы ўжо не чакаем – ідзем.
Ганаровым шляхам літвінскім.