Мяне запытала сумленне:
"Мо варта крыху прыпыніцца?"
"Пазбудзься матываў стамлення",—
Мне шэпча старая паліца.
Праз вокны за мной назірае
І бачыць распад дабрадзея,
Сон — Лесвіца — Якаў (Ізраіль),
Дачушка завеі — надзея.
Зіма неўзабаве праглыне
Халепу і прыйдзе адхланне,
І зрыне ўсе замкі на гліне,
Адорыць трыванне ў дурмане.
Паліца пад цяжарам пылу
Пахіснецца, мабыць, адразу,
Пытанні не вабяць дурылу,
Сумленне ізноў без адказу.