1. Н.
Тваё сэрца
так б’ецца,
так грукоча
прыемна,
і ўдалеч
імкнецца
наша любасць
узаемна.
Мне цябе
не хапала,
не хапае
і зараз,
на стале
толькі кава,
і наперадзе –
старасць.
Мы абдымемся
дужа
нашы рукі
сплятуцца,
а за вокнамі
сцюжа
разам з небам
смяюцца.
********
Каля вогнішча
жарка,
сілуэты
счарнелі,
і па сценах
так шпарка
паплылі,
замігцелі…
2.
На душы, як на рахунку
стала пуста.
Ад цябе ні пацалунку,
толькі хустка.
Падарунак развітання,
прабачэння.
Я прачнуўся гэтым раннем
у затачэнні.
Дождж заплакаў вельмі горка,
неяк глуха,
яго сціплая гаворка
л’ецца ў вуха…
І пайшло жыццё па свеце…
Развітанне…
Ну і я адзін, як вецер…
- Ты са мной?
- Не…