Заклінаннем неба
Гэты клін гусіны
Затуманіў вочы
Восеньскаму дню.
Тут дзяўчо Хатыні
Ўслед яму махае
Хустачкай пунсовай
Вечнага агню.
І таму я сёння,
Як і ты, таксама,
Край мой,
зажурбелы,
Як гусіны крык!
Край мой –
Ваша Светласць
Родныя Крыніцы
І Высокасць Ваша
Родныя Бары!
Тут жар-птушку шчасця
І жах-птушку болю
На сваёй гусінай
Скуры я адчуў
І вадою з гэтай
Студні, мной апетай,
У зямлю абмытым
Тут сысці хачу!
Толькі мне б надоўга
На Зямлі пакінуць,
Бы ў раллі, глыбокі
За сабою след.
На табе адзіным,
Край спакон жаданы,
Тым гусіным клінам
Мне сышоўся свет!