Што тут сеюць і жнуць — невядома,
Садзяць што і прарэджваюць тут?..
У палацах — палі аграпрома,
На асфальце — лясны інстытут...
Тут на сцежках таемных, нязнаных
Цудаў шмат прарастае ў цішы,
Дысертацыяй зацугляны
Кот вучоны вязе барышы.
Маладая котка на возе
Паганяе ласкава хвастом...
Тут філосаф — спіной да Спінозы —
Са Спінозы «здзірае» ў свой том...
Пры бацькоўскай кішэні і тэме,
З барадою як памяло,
Тут наследны ідзе акадэмік —
Малады і «ученый зело».
Тут кусціцца інструкцый пшаніца,
Папяровых бліноў — повен рот.
Камяніцы пахнуць ігліцай
Тут аднойчы — на Новы год.
З тэмы тут, нібы з дрэва ці звера, —
I таксатар, і таксідэрміст —
Лупяць скуру зацята, аберуч,
Як з прыезджых сталічны таксіст.
На дэбатах тут спеюць зарплаты
З-за трыбун — салаўіны канцэрт,
На халодную закусь — цытаты,
Дысертацыя — на дэсерт.
Тут ляснік, на доследы падкі,
У Архімедаў закон зруйнаваў:
Цела грэк пагружаў у вадкасць,
Ён жа — вадкасць у цела ўліваў.
I была выштурхоўвання сіла
Роўнай масе вадкасці той, —
«Адкрыццё» лесніка падкасіла,
I цяпер ён у ссылцы лясной...
Ну а іншыя — правяць паромы,
Як накрэсліў арцельны статут:
У палацах — палі аграпрома,
На асфальце — лясны інстытут...