На белым полі чорнай стужкай
Пралёг надоўга змрочны лёс...
Пад звон і посвіст вострых кос
Кагосьці «варанок» павёз
Па вузкай вулцы беларускай...
Цвіла плакатамі дзяржава,
І дзе ёй чуць пад крыкі «ўра!»,
Як курапацкая гара
Са стогнам дыхала: «Пара
Успыхнуць стужкаю крывавай...»
Хаця жыве яшчэ нядоля,
Навалы чорнай чэзне здань...
О мой народ, з калень устань
I на чырвоны колер глянь –
На чыстым, яркім,
белым полі!