Разводдзе сіні і разводдзе траў,
Звініць паветра гоманам птушыным.
Вясёлы конь пасецца на вяршыні,
Бялюткі, бы адліты з серабра.
Пад капытамі глебы тлусты пласт,
Спарыш кудлаты тут спрадвеку родзіць,
А ля падножжа доўгія стагоддзі
Залеглі. Тайнай аклікаюць нас.
Аскепачкам гаршка дзевяты век
Адорыць, як каштоўнасцю вялікай,
Даверыцца дасведчаным разлікам
I ўсім тваім здагадкам, чалавек.
Пажарышчы пазначаць новы слой.
I зноў чытай жыццё ў знаходках дзіўных:
Вось бранзалет падораны адзінай,
Вось нож, што скрыжаваўся са стралой.
I гэты без замка іржавы ключ
Пакінуў продак тут невыпадкова.
Татарская разбітая падкова...
I мёртвы попел вычарніў зямлю.
А вось і найапошні, верхні, пласт,
Што прыхаваў вайны мінулай кулі.
Мы круг жыцця адвечны не замкнулі,
Яно яшчэ цячэ, цячэ праз нас...