На кірмаш
(байка)
Дзядзька меўся на кірмаш...
З-пад паветкі колы
выгнаў...
Воз той, Бог прабач,
Пеўню на смех — кволы.
Дзядзька кола пахістаў
Асцярожна ботам —
Дзе той час рамантаваць,
Будуць грошы — потым...
Так і выбраўся:
наклаў
Збожжа і бялізны,
Яек кош, два кумпяка...
Скарб — ого! — вялізны...
На Каня хамут уздзеў
(З дзірак лезе вата)
Конь на кола паглядзеў,
І здзівіўся надта
Ў Дзядзькі — воля у вачах...
Пугу узяў сурова...
Конь паціснуў плячыма —
Не патрэбны словы.
Паімчалі пакрысе...
Што ж вясной дарога —
Гразь балота,
Дзе-нідзе — суха
Так нічога...
Хлешча хвост па барадзе,
Мухі, тое-сёе...
Дзядзька дрэмле, Конь ідзе,
Усхоропваюць абое...
Раптам — хрусь! — і перадок
Ўніз і ў бок падаўся...
Дзядзька тварам ў каравяк
Трапна скіраваўся.
Падхапіўся — нібы чорт!
І плюецца злосна...
А конь іржэ ў весь конскі рот —
Смешна ж невыносна!..
----------------------------------
Эканоміка ўпярод
А культура — потым?
Не прыйшлося б нам глынаць
Вынік поўным ротам