I. Перад світаннем
Бель туману дыміцца.
Ціша.
Урачыстасць якая!..
Світанне
на арэлях нябачных калыша
задуменныя воды Лані.
Палец к вуснам!
Замры!
Запомні!
Зараз момант таемны настане:
баязліва першыя промні
акунуцца ў празрыстаць Лані.
II. Рыбак
Стаіўшыся на беразе ракі,
прыплюшчыўшы з хітрынкай свае вочы,
з-пад шапкі дзед, нібыта з-пад рукі,
за паплаўкамі неадрыўна сочыць.
Вось клюнула!
Падсёк.
Сарвецца...
Ах!..
Дзядуля заўсміхаўся па-хлапечы,
падцяг вудзільна, і ужо ў руках
часцінка рэчкі серабром трапеча.