Хоць сівер дзьме яшчэ парой,
Сняжынак кружыць рой,
Аднак ужо чароўная
Вясна не за гарой!
І як у нашых прадзедаў
Было спакон вякоў, –
Ў гуморы добры люд гудзе –
Здалёк чуваць вакол.
На Масленку спяшаемся
Да цёшчы на бліны.
З маканкаю, з варэнькамі
Ой, смачныя яны!
Сустрэўшыся, абдымемся,
Бо ў згодзе зажылі, –
Пра той блінец забылі мы,
Што комам быў калісь!
На Масленку спяшаемся
К свякроўцы на бліны.
Як сонейка вясновае,
Так радуюць яны!
На Масленку разгульную
Вуркочацца кату,
Бо і яму падносім мы
Такую смакату!
І дзеці, і дарослыя,
Катаемся з гары,
І стаўшы ў круг, любуемся:
Зімы касцёр гарыць.
І Масленку праводзячы,
Не трэба гараваць, –
Адзін другому будзем мы
Памылкі дараваць…