Я чакаю ЦЯБЕ і іду на спатканне,
На спатканне з мінулым. Гляджу на шляхі...
Прыцярушвае снег мітуслівае ранне,
Манатонна стракочуць-пяюць цягнікі.
Хваляванне ў імклівых слядах пакідаю
І аб'явы дыспетчара сэрцам лаўлю...
Я каханне чакаю! Каханне чакаю!
Трапяткое, ласкавае слова ЛЮБЛЮ!
Прыпыніўся цягнік і перон пад нагамі,
Вырываецца палкае сэрца з грудзей!
Я знаёмую постаць шукаю вачамі
Сярод сотні лунаючых у часе людзей...
Вось і ЁН! Гэта ж трэба, амаль не змяніўся,
Хоць ужо праляцела пятнаццаць гадоў...
Позірк пільнага сэрца майго прыпыніўся
На вачах... І кахання ў іх не было!
Пакідаю вакзал, лёсу выпрабаванне,
І крычу смс-каю да хрыпаты:
- Я чакала ЦЯБЕ! Я прыйшла на спатканне!
Толькі гэта не ты! Толькі гэта не ТЫ!