Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Валянціна Драбышэўская

Сярэдняя: 5 (34 галасоў)

Усміхніся, анёлачак мілы,
Асвяці чысцінёю пакой -
Трапяткія бялюткія крылы
Па жыццю панясуць нас з табой

Над палеткамі, рэкамі, гаем...
Ты прыслухайся: у цішыні
Салавейка пяшчотна спявае
Для дзіцячай тваёй дабрыні!

Усміхніся - і сонейка ўзыдзе,
Па вясёлцы пакоціцца ў май!
Калі нават прачнешся ў крыўдзе,
Ты усмешкай свой дзень пачынай!

І пакрочыць яна па планеце...
Асвяці! Асвяці! Асвяці!
А калі ўсміхнуцца ўсе дзеці,
Стане светла ў кожным жыцці!

Усміхніся, анёлачак мілы -
І зайграе ад шчасця Зямля!
Трапяткія бялюткія крылы -
Гэта вера-надзея твая!



Сярэдняя: 5 (31 голас)

Падабаюцца мне барадатыя,
Бо не сквапныя, не зацятыя,
Не насатыя, не губатыя,
А прыгожыя барадатыя!

Вось знайду я сабе барадатага,
Ды не сквапнага, не зацятага,
Не насатага, не губатага,
А прыгожага барадатага!

Заспяваю свайму барадатаму,
Ды не сквапнаму, не зацятаму,
Не насатаму, не губатаму,
А прыгожаму барадатаму,

Што кахаю яго, барадатага,
Ды не сквапнага, не зацятага,
Не насатага, не губатага,
А прыгожага барадатага!

Усміхнецца ў адказ барадаты,
Ды не сквапны зусім, не зацяты,
Не насаты, амаль не губаты,
А прыгожы такі барадаты.

Скажа мне: - Нешта ты худаватая,
Не высокая, ды не губатая...
Не грудастая, а вуглаватая...
Тут прырода, відаць, вінаватая.

І пакрочу я з крыўдай дахаты...
Нешта не зразумеў барадаты,
Не насаты зусім, не губаты,
А прыгожы такі барадаты...



Сярэдняя: 5 (36 галасоў)

Сёння на могілках колькі жывых, столькі й мёртвых.
Сум лістападу схіліўся прад Святам Дзядоў.
Вецер чытае па вуснах, салёных, пагорклых,
Праўду жыцця ад вытокаў да вечных асноў.

За памінальным сталом - паважаныя госці.
Птушачка б'ецца чыёйсці душой у акно.
Светлая памяць малітвай да Боскай мілОсці,
Памяць аб тых, хто нядаўна, і тых, хто даўно...

Свечка з вячэры патухне ад хлебнай скарынкі.
Сэрца ўдыхне неўміручасць і святасць гасцей...
І ў апошнія, перад зімой, павуцінкі
Восень адвечную памяць сакральна ўпляце.



Сярэдняя: 5 (16 галасоў)

Заспявала неба калыханку
Кроплямі празрыстага дажджу.
На далонь-падушку! І да ранку
Казку за павекамі гляджу!

Прытупілася ўсведамленне -
Дождж ва неўсвядомленым пяе...
Вечнасці вільготнае імгненне -
Калыханка неба для мяне!