Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

НАДЫХОД ЗIМЫ

Яшчэ не ацэнена

Дарога раскісла ад ліўня,
Паўзком слізганулася ў яр,
Цухмоліць па небе надрыўней
Iмжой звар’яцелы маляр.
Уносіцца волкае лісце
Накшталт развітальных лістоў.
Няўжо яму мала карысці
Пакутаваць, быццам Iоў?

Цікаўным жняцом-крыхаборам
Зазімак, дратуючы прэль,
Абводзіць лядком танкакорым
Рабіну і марны бружмель.
Ля хмызаў ад холаду шчуплых
Цяпло выкалупвае з-пад
Лаўжа, калупаецца ў дуплах
Руплівы махляр-лістапад.

Сілком апранаючы ў хмары
Разгубленых дрэў вершнякі,
Ён леса крыштальны гербарый
Падводзіць да люстра ракі,
Каб снежнаю ўспышкай зазімка,
Як магніем, зрок асляпіць
I глянцу застылага здымка
Асенні ўспамін саступіць.