Нас няма. Мы спачылі, сыйшлі ў небыцьцё,
Гадаванцы сумніўнае славы.
Адзінота і змрок. Толькі ветру выцьцё
Набажэнствы па нас адпраўляе.
Безаглядна зрабіўшы з-за бруствэру крок,
Пад агнём пагарджалі хіліцца.
Набрынялых дымамі баёвых дарог
Нас ня выбіць з займаных пазыцый.
Нас ня знойдзе паштар на адрэсах жывых,
Бяз нас зладзяць сяброўкі вясельлі,
Праз бяссонныя ночы ў кватэрах пустых
Нашы маткі заўчасна сьсівелі.
Сёньня ў нас, хто ў зямлю натамлёную лёг,
Гной на донцах вачніцаў чарнее,
На зьнявечаных, дужых калісьці грудзёх
Чарвякі бестурботна тлусьцеюць.
Нам, спазналым прыўкрасы старонаў чужых,
Малы скутак з жаўнерскага лёсу:
Папялішчы, нянавісьць, дзірван і крыжы –
Гэта ўсё, бадай, што дасталося…