Наш ракетны век скупы на ласку,
Як старызну, мы яе збываем...
Толькі па якому абавязку
Мы пачуцці добрыя хаваем?
Заглушаем мы сябе памалу
Пазыўнымі клопату зямнога.
Вельмі шмат у голасе металу,
Дынаміту ў словах вельмі многа.
Падбівае нас штодзень на сваркі
Гонка ваяўнічасді маторнай.
Сваркі —
з-за кухоннай гаспадаркі,
Сваркі —
з-за вышынь арбіты зорнай.
Сварымся,
намацваючы кнопку,
Мы —
ахвяры ўласнага апломба...
Што ж паставіць гэтым сваркам кропку
Розум або атамная бомба?
Кім, урэшце, вырастуць падпаскі,
У якіх настаўніца — папруга?
He шкадуйце добрых слоў для друга,
Для каханай не шкадуйце ласкі.