Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Нашым часам прытулак магчымы адно на кладах

Сярэдняя: 4.3 (14 галасоў)

Нашым часам прытулак магчымы адно на кладах,
Крумкачыныя брэхі прыняўшы ў сябе ўнутрывенна.
Тут упокат бамжы з чыхіру не стаяць на нагах,
I ты, вернучы нос, разумееш, што існае – тленна.

Паблукай паміж костак, хаця б з абавязку журбы,
I патроху адчуй ўсю бязважкасць фамільнага праха.
Абарвалася сувязь часоў, летуценне нібы…
Скажаш, быццам няма на душы ані кропелькі страха?

Мы на косці забыўшыся, цалкам зракліся крыжа…
Нат у ціхім «бывай» ёсць цыяністы смак катастрофы.
Гэта толькі здалёк вершаліны прывабныя, а
Чым бліжэйшы Алімп, тым падобнейшы ён на Галгофу.

Жыць цішэй бы патрэбна, далей ад страсцей і гурмы,
Бо самога з глыбінь ужо цягне вудзільніцкі венцер!
Абарвалася сувязь часоў – гэта горай чумы,
Што нутро замарожвае льдом, быццам студзеньскі вецер!

Навучыся пакоры ля мёртвых, не будзь гаваркі!
Што славесны той пыл немаце, у слязінах памытай?
Памаўчы са спагадай – і, мусіць, тады мерцвякі
Пададуць табе чулыя рукі з бязмежнасці цьмы той.

Памаліся, а потым уцяміш, навошта і дзе
Ты вучыўся тузе на пацеху зямное юдолі.
Вось Антыхрыст насустрач са словам і справай ідзе,
I цытаты з яго зубраць дзеці бязвінныя ў школе.