Ул.А.Калесніку
З надзеяй, любоўю і вераю –
былінка ў сусвеце людзей –
спакон і заўсёды верую:
ёсць ранак, то будзе і дзень.
Не кожны трымаецца вернасці –
прадажны, няверны час!
Ні веры, ні страху, што вернуцца
любоў і надзея да нас.
Спыніцца б – часу не дадзена.
Нявер‘е – хоць гвалт крычы!
Жыццёвае веры прадзіва
замацаваць бы…
Чым?!
Надзея на кон пастаўлена…
Хто да чаго дабяжыць…
Ты не дазволь, настаўнік, нам
без веры святое жыць!