Векавечная лагода –
Над затокаю дуброва.
Тлум заўсёды перашкода,
Ціша – творчасці аснова.
Чалавек сядзіць з алоўкам,
Нешта піша на паперы.
Сшытка скрэмзана палова
Проста ў пушкінскай манеры.
А вакол вясна буяе,
Перайначваецца ў лета –
І гудзе, і расцвітае,
Цёплым сонейкам сагрэта.
Адгалоскам дабравесту
Краявід паціху млее…
Як цнатлівыя нявесты,
Беласнежныя лілеі…
Хвалі плюхаюцца спеўна,
Воблака плыве мядузай…
Чалавек праехаў, пэўна,
На спатканне з вернай Музай.
Між Прастораю і Часам,
Быццам ён на свеце першы,
З векавечнасцю сам-насам
Піша ён, напэўна, вершы.
Ветрык лашчыцца ў чароце,
Нешта шэпча сам у рыфму…
Тут, у гэтай адзіноце,
Можна ўбачыць нават німфу.
Чалавек змяняе словы,
Нешта на палях малюе,
Перапісвае нанова,
Сілы й часу не шкадуе.
Ліст са сшытка выдзірае
І камячыць у задуме.
Можа, рыфму падбірае?..
Думкі блытаюцца ў тлуме.
Час ідзе… Нарэшце – кропка.
Чалавек, вянец будовы,
Пацягнуўся нетаропка…
Вось і ўсё!
Данос гатовы.
1999