…уж – змеи муж.
М. Цвятаева
І прысніцца ж:
Змяя.
І факір нібы – я,
Што сіл-моцы стае
Заклінаю яе:
– Ныць-шыпець перастань,
Добра, кобра, адстань!
Бач, хоць магам ёй стань,
А пуцёўку дастань!..
Ды змяецца змяя:
– Зараз воля мая!
Гэты ж год мой цяпер! –
Годзе мне ўсё цярпець!
Больш пад дудку тваю
Танцаваць не хачу!
Як японцы маю
Цэняць мудрасць, – ці чуў?
Там з далёкай пары
Каб жанчыне сваёй
Камплімент падарыць, –
Называюць змяёй!
Падкацілася млосць
І ўзяла мяне злосць:
– А, – пытаю, – ці шмат
Змеяловаў там ёсць?!
А не дзіўна й самой –
Спяць жа змеі зімой!
Зкуль цябе мне прынёс
Дзед Мароз – буслаў нос?!
– Ну й факіра бог даў –
Дзьмецца-пнецца, бы ўдаў!
Ах ты, ветраны змей,
Больш крыўляцца не смей!
– Чорт цябе пабяры –
Пачала ўжо грымець!
Вось пуцёўку бяры
І ў Японію едзь!
І ўсміхнуўшыся мне
Да змяіных вушэй,
Паказаўшы язык,
Ліха ўрэзала шэйк!
А пасля, нібы хмель,
Як лаза, абвіла…
…Я прачнуўся:
Мяне
Жонка ў сне абняла…