Я прапаную тост за Час!
Давайце ўзнімем чашы
за Час, працуе што на нас,
на спадзяванні нашы.
Я прапаную тост за Час! —
за Час, працуе што на нас
настойліва, сумленна,
нястомна і нязменна!
Парою здацца нам магло,
што Час — ён безудзельны:
не за дабро і не за зло,
што Час — ён ненадзейны.
Мы памыляліся тады.
Бываюць дні без шчасця,
бясчэсця сумныя гады, —
то паласа бясчасся.
А Час прыходзіць — як зара,
як свежы подых ветра,
і адступае хваля зла,
і робіцца зноў светла.
Прыходзіць Час,
прыходзяць дні.
Час ставіць кропкі ўсе над «і».
Усё на месца ставіць ён.
I называе рэчы —
не любіць Час ілжэімён —
іх назваю адвечнай,
Хлуснёю назаве хлусню,
а мітуснёю — мітусню,
нядоўгае — нядоўгім,
нядобрае — нядобрым,
нячыстае — нячыстым,
злачыннае — злачынствам.
Тырана так і назаве
тыранам і — вянок сарве.
Нам памагае ўбачыць Час:
тут — толькі попел,
там — алмаз,
тут — зерне,
там — палова,
тут — пустазвонства гучных фраз,
там — ісціннае слова.
Я веру ў добры, мудры Час,
як веру ў добры, мудры сказ.
Я ў трудны дзень кажу сабе:
«Нічога, скора Час праб'е,
нічога, прыйдзе скора Час,
і ён тады рассудзіць нас!»
Я прапаную тост за Час —
саратніка, сааўтара!
За Час, што працаваў на нас,
за Час, працуе што на нас,
што будзе працаваць на нас,
служыць нам верна заўтра!
Мудры верш. Але нельга
Мудры верш. Але нельга забывацца, што і мы самі ствараем Час.
Вельмі мудры верш!
Вельмі мудры верш!
Прыгожа,вельмі правільныя
Прыгожа,вельмі правільныя слова.Шчыры дзякуй аўтару, поспехаў!