Навагодні тост
Як маразы не слабакі,
у футрах мама і дзіцятка.
На першым лёдзе рыбакі
не з баязлівага дзясятка.
Разлічваюць на ўдачны ўлоў.
Над лункамі застылі моўчкі…
Гучыць найлепшае са слоў –
“Бярэцца!” – выбухам лімонкі.
Бяруцца плотачка, акунь,
шчупак – вялізарная ўдача.
“Шанцуе дзядзю рыбаку!” –
шчабеча ціха маме Даша…
Шампанскага бяры бакал!
Тост з-пад пяра майго выходзіць:
“Шчаслівіцца, як рыбакам,
усім няхай у новым годзе!”