Наведаў хатку, хоць і позна —
Няма славутае паэткі.
Замест гарбаткі, слоў і кроснаў —
Тут толькі кнігі, толькі кветкі.
І абразы нібыта плачуць,
А мне ад горычы здаецца:
Ці ў цэркаўку пайшла, няйначай,
Ці затрымалася у сенцах.
І пудзіць цішыню баюся,
І не хапае гучных слоў.
Паэтка роднай Беларусі
Тварыла моваю дзядоў.
Жыла у хатцы светлай, чыстай,
Цярпець умела і чакаць.
Хвартух надзеўшы свой квяцісты,
Гасцей любіла сустракаць...
Адкуль былі натхненне, сіла
І сэрца, поўнае турбот?..
Відаць, за нас мацней любіла
Яна свой край і свой народ.