Нарадзіўся 24 верасня 1958 года ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна. У 1974 годзе закончыў Хадзявіцкую няпоўную сярэднюю школу, а ў 1977 годзе - тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча. Служыў у войску. У 1985 годзе скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Жыве ў Слоніме, працуе намеснікам галоўнага рэдактара "Газеты Слонімскай".
Дэбютаваў вершам «Свеціць сонейка» у часопісу «Бярозка» (1975). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999), «Лірыка» (2007), кнігі гісторыка-краязнаўчых артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Тэатр у Слоніме» (2008) і інш.
Выступае ў беларускім і замежным друку не толькі як паэт, але і як пераладчык, краязнавец і літаратуразнавец. На беларускую мову пераклаў вершы французкіх паэтаў - Поля Элюара, Луізы Мішэль, Эжэна Пацье, Поля Верлена, украінскіх паэтаў - Рыгора Елішэвіча, Валерыя Бойчанкі, Любові Пшанічнай і іншых.
Як краязнавец і літаратуразнавец апублікаваў сотні артыкулаў, у якіх даследаваў жыццёвы і творчы шлях Язэпа Стаброўскага, Тодара Лебяды, Сяргея Хмры, Яна Пятроўскага, Гальяша Леўчыка, Міколы Шкялёнка і іншых дзечаў беларускай літаратуры, гісторыі і культуры. А таксама шэраг артыкулаў, звязаных з гісторыяй Слонімшчыны, беларускай эміграцыяй, літаратурнай Беласточчынай.
На беларускую мову пераклаў п'есы А. Хайта, К. Манье, Э. Успенскага, К. Гальдоні, А. Астроўскага, С. Міхалкова, С. Пракоф'евай, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова і іншых драматургаў. Многія спектаклі па іх п'есах пастаўлены на сцэне Слонімскага беларускага драматычнага тэатра.
У Беластоку асобнымі кнігамі выдаў літаратурную спадчыну Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча, Уладыслав Казлоўшчыка пад назваю "Вяртанне да сваіх"(1999) і гістарычную спадчыну Міколы Шкялёнка "Беларусь і суседзі" (2003).