Не астылі яшчэ паплавы
І ў паветры праменні гуляюць,
У пяшчоце блакітаў ставы
Спевы птушак апошніх гайдаюць...
Жоўтым лісцем красуе смуга,–
Няўлоўнай зімы набліжэнне.
Пожні хваляй цалуе рака
На спатканні апошнім нясмела.
Пракаветных дубоў галасы
Да нябёсаў імкнуць, нібы стрэлы.
Ім бы раз свае карані
Агарнуць у пухнатыя глебы…
Дыванамі самотных гаёў
Усцілаецца жоўтасць на чырвань,
Лета рэхам сцішэлых лясоў
Рысакоў сваіх ставіць на прывязь…