Для поўнага шчасця не многа і трэба:
зямля, каб на ёй сваю долю знайсці,
і неба — высокае, яснае неба,
якое да зор заклікае: "Ляці!"
І штосьці між імі. Не цвік і падкова,
не ў хаце багацце і не "Мэрсадэс",
а нечая ўсмешка, і добрае слова,
і светлы пагляд, і ў вачах — інтарэс.
І ўпэўненасць: некаму ты — неабходны —
як сонца, як дожджык, паветра глыток.
Таму, хто і ў радасці — любы і родны,
і ў горы — твайго неспакою выток.
І нешта яшчэ, без чаго "шчасце з рогу"
амаль немагчыма (так-так, сэ ля ві):
надзея на сябра, і вера у Бога,
і к людзям — усім — адчуванне любві.