Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Не шукай ты "Нашай нівы"...

Сярэдняя: 3.9 (11 галасоў)

Не шукай ты “Нашай нівы”
Там, дзе бойкі гандаль півам.
Гэй, дзе ганяць нашу мову,
Дзе вышукваюць “крамолу”—
Не шукай ты “Нашай нівы”!

Яе знойдзеш вельмі блізка,
Як аформіцца падпіска.
Тысяч сто за год пацягне.
…Але ж сэрца праўды прагне!
Толькі ўмей шукаці блізка.

Не шукай ты добрай працы
У прыстанішчы інфляцый.
Гэй, у градзе старасвецкім
Між Машэрава й Савецкай—
Не шукай ты добрай працы.

Яе знойдзеш вельмі блізка,
Як мясцовая прапіска,
Калі кажаш па-маскальску,
Па БТ глядзіцьмеш казку,--
Яе знойдзеш вельмі блізка.

Не шукай ты праўды, хлопча,
Дзе мараль нагамі топчуць,
Дзе свабода не зіхцела,
Дзе Пагоня не ляцела,--
Не шукай ты праўды, хлопча.

Яе знойдзеш вельмі блізка,
Рак даўно на горцы свіснуў.
Як уздымем запальніцы
І на вёсцы, і ў сталіцы—
Знойдзеш праўду вельмі блізка.