Ну вось і Спас прайшоў арэхавы…
Туман хусцінкай над вадой,
А неба зоркамі-прарэхамі
Ізноў спрачаецца з імглой.
Гуляе месяц па-над стрэхамі
У жмуркі з хмарнаю градой.
Сабака рэха перабрэхвае,
А за вароты – ні нагой.
Начны ляляк, зануда грэшная,
Заенчыў – дзеліцца бядой.
Парсюк у сне ціхутка крэхкае –
Аб’еўся, пэўна, лебядой.
Мільгнула знічкай думка смешная
І зноў змянілася нудой.
Сабака сціх – не лезе з брэхамі,
І за ваколіцай спакой…
Нарэшце, певень кукарэкае,
А птушкі ў вырай – чарадой.
Ім шчасце – за марамі-рэкамі,
Мне – застаецца выбар свой.
З грахамі ўласнымі, агрэхамі –
Нібыта ў лесе з бараной,
Сяджу паўнюткім недарэкаю…
Сціхае рэха за ракой.
1997