Не знаю, якою адводзіць рукой
Землетрасенні гневу:
Ці ўспомніш падставіцца правай шчакой,
Калі нехта ўрэжа па левай?..
На меч разбойны —
праведны меч
Расплата рашуча ўзнімае.
Таго ж, хто з бою ўцякае прэч,
Судзіць пагарда нямая.
З якіх патаемных віруюць глыбінь
Крывавых памкненняў загады,
Адкуль імгненні, калі «не убий»
Гучыць, як «чорная здрада»?..
I распірае адпомсткі гром, —
Здаецца, што неба трэсне...
А творыцца ўсё ж дабро дабром,
I песню прыводзіць песня.