Рыгору Семашкевічу
Нехта кінуў папрок
Невідушча
У застольным
Сасновым бары:
У паэтаў
Багата падушак,
У паэтаў
Багата пярын…
Да ікот
Рагатала застолле,
Разжаваўшы
Празрысты намёк.
Быў я праўдай
Нямым і няздольным.
Толькі раптам
Сарваўся замок.
І сказаў я
Шыкоўнай арцелі,
Што паэтамі гной заграбаць,
Што, здараецца,
Мякка ім сцелюць,
Толькі мулка
Бывае і спаць…
Хай стагоддзі
Пацвердзяць хрыпата,
Праглынаючы
Крыўды камяк:
Дзе паэтам
Даводзіцца падаць,
Там чамусьці
Падушак няма…
Справядлівасць,
Нібы балерына,
Пакланіцца выходзіць пасля,
Калі леглі
Паэты ў пярыны
Пад агульнаю назвай
«Зямля»…