Неяк ранкам, дзе лесу крыло,
Дзе арэшніку цесныя дахі,
Разрываў на кавалкі святло
Тонкі голас узрушанай птахі.
Крылаў шэрых драпежны размах
Адлятаў з гушчару паміж дрэваў.
Бачыў я ў яго кіпцюрах
Птушанятаў малых “пераспеваў”.
Выкладала пяшчоту ўсю,
Недаспала шмат ветраных ночак
І насіла ў дзюбе расу,
Адкрадаўшы ў сонца краёчак.
Ёй не правіць ужо карагод,
Столькі ў голасе выткана жалю.
Немагчыма за мора адлёт
Над Радзімы бескрайняю даллю.
І калі назіраў сілуэт
Над магілкаю маці застылай,
Разрываў на кавалкі сусвет
Тонкі голас той птахі бяскрылай.