Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Незвычайны дамавік (казка)

Сярэдняя: 2.3 (3 галасоў)

Дома ў адной сялянскай сям’і жыў Дамавік. Вызначаўся ён тым, што быў вельмі дамавітым. Паснуць ноччу гаспадары, дык ён выйдзе са свайго сховішча і, калі ўбачыць што-небудзь не там дзе трэба ляжыць-валяецца, дык адразу пакладзе на сваё месца. Часцей за ўсё гэта былі раскіданыя цацкі маленькай Алёнкі. А каб самому рэчы ад гаспадароў хаваць, як гэта часам робяць іншыя дамавікі, дык і думкі такой у яго не ўзнікала, бо і прычыны для гэтага не было... Іншы раз паглядзець за парадкам і на падворак выходзіў. Выйшаў так аднойчы і пачуў, што нехта яго аклікнуў з боку поля. Падышоў да плоту і нейкае стварэнне, трохі падобнае да сябе, убачыў.
– Ты хто? – спытаў Дамавік.
– Гэта я, Палявік. Сёння ж Купальская ноч, пойдзем разам адзначым свята.
Прайшлі яны праз поле, каля лесу апынуліся. І тут на ўскраўку дзядка, нечым падобнага на іх, заўважылі.
– Хто ты? – запыталі.
– Я Лесавік. А вы хто такія?
– Я Дамавік.
– А я Палявік. Поўдзем разам з намі святкаваць Купалле.
Падаліся яны да рэчкі. Бачаць: на беразе сядзіць дзядок. Таксама да іх нейкае падабенства мае. Пазнаёміліся і з ім. Новы знаёмы аказаўся Вадзяніком. І ён згадзіўся разам на Купалле павесяліцца.
Непадалёку ад сялібы, дзе поле, лес і рэчка стыкуюцца, вырашылі яны раскласці касцёр. Для гэтага Дамавіку прыйшлоcя збегаць дадому па запалкі. А пачаставацца знайшлося чым. Лесавік нават ягаднай настойкі прынёс. Каб было весялей, Вадзянік запрасіў у кампанію Русалак. Гаманілі, спявалі, скакалі праз вогнішча аж пакуль не развіднела. На развітанне вырашылі і на наступнае Купалле сабрацца разам...
Аднак Дамавіку значна раней прыйшлося шукаць сустрэчы са сваімі добрымі знаёмымі. Позняй восенню Алёнка без дазволу бацькоў выбегла на падворак і пашлёпала па лужах. Не адразу заўважыўшы гэта, мама насварылася на дачушку і, адламаўшы ветачку акацыі, сказала:
– Яшчэ раз так зробіш, то прыйдзецца табой заняцца вось гэтай выхавальніцы, – і ветку паставіла ў куток.
Дамавіку вельмі шкада было дзяўчынку і ноччу ён гэтую ветку схаваў. Але не дарэмна сердавала Алёнчына мама: непаслушка прачнулася раніцай з вялікай тэмпературай і кашлем. Дамавік, пазіраючы на беднае дзіця, ціхутка ўздыхаў, а ноччу не забываў паправіць на ёй коўдрачку. Ішлі дзень за днём, ноч за ноччу, а тэмпература ў Алёнкі то трохі спадала, то зноў падымалася.
Неяк надвечар Дамавік выйшаў з дому і накіраваўмя ў поле. Азірнуўся наўкола: нідзе Палявіка не відаць, поле даўно прыбрана, толькі стог бухматы, ледзь не стогне, стаіць. Як раптам чуе-бачыць: салома ў стозе зашамацела-заварушылася і сам гаспадар поля паказаўся. Павіталіся і Дамавік кажа:
– Прыйшоў я да цябе прасіць дапамогі. Алёнка прастудзілася, захварэла. Можа б ты зёлкамі якімі выручыў?
– Пойдзем да стажкоў з сенам, што вунь на поплаве відаць, – махнуў рукой Палявік.
І праз нейкі час Дамавік трымаў пад пахай цэлы букет лекавых раслін.
Затым яны падышлі да лесу і сталі Лесавіка гукаць. Неўзабаве той выйшаў і, выслухаўшы сваіх сяброў, вынес мёду і арэхаў. Не прамінулі яны заглянуць і да Вадзяніка. А той выцягнуў цэлы тузін рыбы. Падзякаваўшы і развітаўшыся са сваімі дабрадзеямі, з нялёгкай ношай вяртаўся Дамавік дахаты...
Раніцай бацькі Алёнкі заглянулі на веранду і бачаць: мёд, арэхі, рыба і зёлкі розныя ляжаць на стале. Падумалі, што гэта суседзі гасцінцы для іх малышкі занеслі неўпрыкмет...
А Дамавік пасміхаўся сабе ў бараду, цешыўся, што Алёнка стала хутка папраўляцца, а праз пару дзён-начэй і зусім здаровенькай паднялася...