Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ніхто са мной так радасці не дзеліць...

Сярэдняя: 3.8 (10 галасоў)
                             Можа, мы – апошнія паэты,
                             Што вось так цікавяцца зямлёй?
                                                               Максім Танк

Ніхто са мной так радасці не дзеліць,
Як жаўранак, і ціхі васілёк,
I ветрык, што дымкі з дамоў кудзеліць,
I лес, што кліча пошумам здалёк.

Ніхто са мной і гора так не дзеліць,
Як зоры ў векавечнай вышыні,
Лугі пад беласнежнаю пасцеляй,
Дарогі ў задуменні жытніх ніў.

Спявай, жаўрук!.. Квітней, мая валошка!..
Шумі, мой бор, да болю дарагі!..
Найменшая кузюрынка і мошка,
Вітайце, як найбольшыя багі!

Апальвай, сонца, плечы мне і грудзі,
Віхор, у твар адкрыты вечна дзьмі!..
Пакуль дзяліць мы з вамі радасць будзем,
Пакуль дзяліць мы з вамі гора будзем,
Паэтамі мы будзем і людзьмі!