Ува ўсіх людзей Дзень нараджэння,
ў мяне Ноч.
Б.Пятровіч
Ноч нараджэння. 22.15.
Самота. Цішыня. Чаканне. Змрок.
Прыйшлі начныя здані павітацца
са мной. Іх ледзь заўважыў зрок.
Яны прыйшлі павіншаваць са святам
і прадказаць мне будучы мой лёс.
Таму ў мяне настрой крыху прыўзняты,
бо кожны прывід мне сюрпрыз прынёс.
Вітаю вас, мае начныя госці!
Я бачу вашы цені на сцяне.
Вы мусіце сказаць мне шэптам штосьці…
Ці добрыя прынеслі звесткі мне?
Здань першая: «Я бачу, што ты хочаш
амаль усё ў жыцці сваім змяніць.
Дык ведай: з сённяшняй дарогі збочыш,
каб у мастацтва дзверы адчыніць».
Другая здань: «Цябе чакае вечнасць,
калі нашчадкі змогуць зразумець
тваю душу. А шлях твой - небяспечны.
Наўрад ці шчасце ў ім ты будзеш мець».
Здань трэцяя мне кажа як выснову:
«Ты ў адзіноце будзеш бавіць час.
Нядоўга пражывеш, але нанова
ты будзеш нараджацца кожны раз».