Ад пачатку вякоў
атрыманыя крыўды,
калісьці
Набалелыя
ў прызьмерк лучынаў,
між ясак грамніц,
У купелях крынічных
дарэшты
сьвінцом наліліся
І пайшлі праставаць
“прывялебных”
за зрынутых ніц.
Па блюзьнерству кавярняў,
ненажэрнай
нахабнасьці крамаў,
На нэоне вітрынаў
пакідаючы
сплаты таўро.
Выкшталцонасьць сталіц
у нябыт
пацякла ручаямі,
У якіх астыгала
раздушанае
гадаўё.
Над бляяньнем TV,
скавытаньнем
ружовае прэсы,
Манітораў аскепкамі
і могілкамі
дыскатэк
На вятрох палымнелі
ютрані
ачышчальнай пратэсы,
Каб з агнёвае раніцы
Новы
паўстаў Чалавек.