І садзячы, й капаючы –
паклоны
Другому хлебу – бульбе
аддаю.
І прычакаўшы ў раз які
акопін,*
З раднёй, з сябрамі оду ёй пяю.
Так цешаць вока стравы бульбяныя!
Заморскай смакаты смачней яны.
Ёсць бабка, і камы, і цыпіліны,
І з дранікамі побач калдуны…
Вырошчваць бульбу – праца немалая, –
Патрэбна папацець тут.
Не здарма ж
Руплівы беларус мянушку мае,
Як званне ганаровае – бульбаш!
Бо бульбачка заўжды нас выручала.
З ёй час ліхі нам перажыць Бог даў.
Пасля капання знойдзенай у полі,
Ёй, і падмерзлай, рады быў салдат…
Праз месяц пасля Яблычнага Спаса,
Глядзіш, ужо акопіны у нас.
Як на барознах, у застоллі разам
Святкуем сёння мы Бульбяны Спаc…
*Акопіны – святкаванне заканчэння ўборкі бульбы.