Паводле народнай песні
Ой, ляцелі гусі
Ой, да Беларусі.
Дый не даляцелі—
За Дунаем селі.
Што ж вы, мае птахі,
Землю сіраціце?
Што ж да гнёздаў-дахаў
Болей не ляціце?
Ці вы за плячыма
Загубілі крылцы?
Ці вам больш Радзіма
Зоркаю не сніцца?
Ці душы птушыныя
Здрады не прымаюць? —
Дзікаю шыпшынаю
Сцежкі зарастаюць.
Ой, не кажуць гусі.
Селі за вадою.
Дый сплылі у скрусе
Шэраю журбою.