Пад футрам сонечных ветраў
Ветразь слабкі і дрыготкі
Штурхае пад карак паэтаў –
Намыленых разам з вяроўкай.
Пад ценямі гонкіх ялінаў
У спратах хаваюцца змрокі.
Буяе растрэльна шыпшына,
Смуткуюць крывавыя глогі.
Пад шэрымі вокнамі гмахаў
Напружанне зносінаў горкіх.
Свідруюць свядомасці страхі
На ложках драўляных і волкіх.
Пад поўняй чырвонай ад хмелю
Упокат разлегліся хмары.
Дзьме сівер у самую пелю
Падраных да сораму мараў.
Пад сэрцам ахопленым жарсцю
Надзея – прыбраная ў млосці:
Руйнуюць і паляць палацы
Нашчадкі рабоў з маленкосці.