Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Падарожжа

Сярэдняя: 4.5 (22 галасоў)

ПАДАРОЖЖА

Замыкаючы ў кола завілісты шлях,
Што пятляе зайцом між цяснін і палеткаў,
Я прылёг адпачыць на сівых кавылях,
Асцюкамі мне ў сэрца нацэленых метка.

Апускалася сонца ў бясконцы туман,
Які поўз па зямлі, што пражэрлівы вусень,
Выкрадаўшы цішком, як дурны клептаман,
Краявіды і шчасце маёй Беларусі.

Я брадзіў па зямлі, нібы жыд Агасфер,
Разбіраў на цагліны руіны старыя
Ды чакаў, як паўстане з прасторавых сфер
Мне наўстрэч беларуская дзева Марыя.

Праз курумы вякоў, камняспадаў гады
Мяне гордасць вяла ў ганарлівай спакусе,
Каб у іншых краінах знайсці назаўжды
Хараство і каханне для ўсёй Беларусі.

На далёкім абрыву я зняў балівар,
Дзе сірэны над морам гамзалі рулады;
Там прыгожай Алены прываблівы твар
Узыходзіў распусна ў нябёсах Элады.

Папялістаю хваляй разбэшчаны вал
Напаўзаў на ўзбярэжжа ва ўпартым прымусе:
I ад юраў ды яраў здзімаў мяне шквал
У таемную далеч дзеля Беларусі.

Валачыў у нябыт, вырываў карані
Ураган-паляўнічы, падобна здабычы,
Калі енчылі, быццам па любай радні,
Iталійскія душы пра скон Беатрычэ.

Я адмовіўся слухаць бязвыхадны плач,
Паглядаць, як ляжыць у жалобным бурнусе
Маладая дзяўчына, а вецер-ліхач
Iнаходцам імчаўся ад хат Беларусі.

Лістапад асядлаў ветравога каня,
Рассыпаўшы лістотай пажухлыя сольда
Па-над Францыяй, смажанай, нібы ягня,
На прадажніцкім шлюбе бялявай Iзольды.

Здрада сэрца крамсала, што востры клінок,
Выскалялася воўкам, шчыпала, як гусі,
Толькі здрады такой пажадаць я не мог
Ані лёсу свайму, ні сваёй Беларусі.

I няясна таксама, чаго ж я жадаў
На германскіх гасцінцах, дзе, готыкай скрыты,
Мефістофель наўмысна праз Фаўста ўкладаў
Прысяганні пякельныя ў слых Маргарыты.

Не хацеў я прывесці з сабой Сатану
Ды ягоную хеўру ў разгульным хаўрусе,
Што раздвоеным джалам хлябтае вайну.
Не хацеў я вайны на зямлі Беларусі.

А таму з тых мясцін я імкліва пабег,
Але раптам спыніўся ва ўзлёце аргана,
Да якога на Польшчу злятала, бы снег,
У анёльскай фаце Асьвяцымская Ганна.

Беспрытульным тулягам маленні імшы
Слухаў я, сумаваўшы ў задумлівай скрусе,
Бо вандроўкі маёй неспакойнай душы
Не знайшлі суцяшальніцы для Беларусі.

Я глядзеў з кавылёў, як сузорным кастром
Палымнеюць свяцілы, нібы сердалікі,
I ў бязмежным надхмар’і шаўковым шатром
Сцераглі Беларусь Валасы Веранікі.