Уладзіміру Крываносу
Паедзем дамоў на Пятра,
У Змітраўцы будзе кірмаш.
Вясёлая ззяе зара.
Цягнік не спазняецца наш.
О, гэты жаданы Пятрок!
Дзьмі ў чарку і рэж каўбасу.
Апаў ужо, кажуць, лісток,
А лета шчыруе ваўсю.
Ад шчасця звініць галава.
Шыбуем мы лесам старым.
А недзе на ўсходзе - Масква,
На захадзе - Лондан і Рым.
Рвануў бы, здаецца, ў галоп,
Ляцеў бы над светлай зямлёй.
У цэнтры Азій, Еўроп
Ёсць Змітраўка наша з табой.
Не трэба любові вучыць,
Бо ведаюць Ольса і Друць -
Тут цёплая мова гучыць,
Тут добрыя людзі жывуць.
Вачамі бяссонных акон
Тут вечнасць глядзіць (не міргне!),
Тут кажуць: "Дзень добры, Лявон".
Іду я, і радасна мне,
Што ў пляшцы - гарэлкі глыток,
Што сонца вісіць над вярбой,
Што заўтра наступіць Пятрок,
Што мы беларусы з табой.