Паэт праклёны слаў па тэлефоне...
Які паэт? Канешне, не Гамер,
Бо тэхнікі такой ні ў Парфеноне,
Ні нават на Алімпе не было...
I Буало,
Што нам мастацтва слова рассакрэціў:
Пакінуў аб паэзіі трактат, —
Калі б пачуў: «Пракляцце вашым дзецям»,
Дар паэтычны перадаў бы птушкам...
I Пушкін
Не мог сказаць такое: перад гэтым
Спаліў бы ўсё, што выйшла з-пад пяра,
Адмовіўся б ад ліры запаветнай:
Так пра дзяцей? — якая ўжо тут муза...
I Прануза —
Бывалы франтавік, што да Берліна
Па ўлукаткі запісаных радках
Ішоў, як па крывавых каляінах, —
Закрыў бы вушы, вочы б завязаў...
А ён — сказаў...
А ён сказаў: «Пракляцце вашым дзецям:
Каб вы такое ж, як і я, спазналі...» —
Паэт, які а-ні-за-што на свеце
Не адчуваў уласнае віны...
Але — яны —
Яны — каго ён праклінаў услых?..
Яны не скажуць, хоць і знае свет:
Не дзеляцца праклёны на дваіх,
Праклёны застаюцца аднаму...
Каму?
Хай не табе, паэт...