Пімену Панчанку
Шчыры пост
ці сцяжынка наўпрост
на гульбу, да Абрама на піва...
У паэтаў біблейскі ўзрост
на вякі.
А камусьці на дзіва.
Сапраўды,
ці падлічым гады,
мы, што звыклі, шануючы меру,
мераць век даўжынёй барады,
ці падлічым, а колькі ж Гамеру?
А мо не ў галаве,
у пустым рукаве
загаіўшы няўгойныя болькі,
ведаць, колькі Скарына жыве
і Мікола, што з Гусава, колькі?..
Мусім
не разгубіцца зусім
і засведчыць, прыспешыўшы крокі
што вядзе нас за рукі Максім,
каб на свет паказаць на шырокі.
Шлях, раўней,
і, палетак, руней,
і над кветкай няхай пчала ўецца...
А паэты старэюць раней,
чым астатняе ўсё чалавецтва.
Барані
ад ліхой бараны,
Божа, душы іх — парасткі ў росах
Hi калыскі ў іх, ні труны,
толькі верш
на зямлі і ў нябёсах.
I адна
ў паэтаў віна:
не ўміраюць і ў вечныя векі.
Ім гарэць ад цямна да відна,
ім пятак не закрые павекі.
Ім касмічныя чуць галасы,
ім нязменна
на лядах і галах
заставацца на ўсе на часы,
як Валошын у сонечных скалах!